Дзяржаўны герб Рэспублікі Беларусь

Герб Беларусі вельмі багаты па колькасці закладзеных у ім элементаў. Першае, на што зверне ўвагу кожны – гэта зялёны контур тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, як яна адлюстравана на геаграфічнай карце. Зялёны контур – у залатых промнях узыходзячага сонца. Гэта сімволіка зразумела кожнаму, усе свае думкі грамадзяне скіроўваюць да Айчыны: гэта наша зямля, нам чужой не трэба, але сваёй мы не аддадзім ні пядзі! Мы захаваем яе ў тых межах, у якіх яна нам перададзена папярэднім пакаленнем.
Контур краіны знаходзіцца ў сярэдзіне герба, утворанага вянком з каласоў, пераплеценых з аднаго боку ружовымі кветкамі канюшыны, з другога – блакітнымі кветкамі ільну. Гэтыя сімвалы ўжо больш складаныя, іх мова патрабуе для разумення пэўных ведаў.
Вянок (з ружаў, пальмавых лісцяў, лаўра і г.д.) спрадвеку выкарыстоўваўся народамі як узнагарода пераможцу і ўвасабляў перамогу. Разам з тым гэта сімвал памяці і непарыўнай сувязі сучаснікаў з продкамі. Вянок, утвораны з пучка жыта, са старадаўніх часоў меў свяшчэнны сэнс для ўсіх славянскіх народаў.
Канюшына – гэта сімвал сувязі са стваральным светам жывёл: канём, каровай, авечкай, для якіх яна – лепшы корм. Старажытныя людзі справядліва лічылі, што чалавек – частка ўсяго свету жывых істот, які здольны захаваць сабе жыццё і забяспечыць працвітанне астатняга жывёльнага свету.
Лён – гэта бавоўна Поўначы, цудоўны матэрыял для адзення. Здаўна з ільну вырабляліся прыгожыя і трывалыя ткані. Лён – сімвал стваральнай працы, знак дабра і дастатку.
Ніжэй контура граніцы Рэспублікі Беларусі змешчаны зямны шар з узыходзячым над ім сонцам і залатымі промнямі. Зямны шар – гэта знак таго, што Рэспубліка Беларусь успрымае ўсе народы Зямлі як раўнапраўных сяброў і партнёраў, гатова з імі сябраваць і гандляваць, абменьвацца вырабамі і ведамі. Яднанне Зямлі і Сонца – галоўны знак жыцця. У старажытнейшых міфах чалавецтва адлюстравана гэта сімволіка. Яе можна сустрэць у помніках старажытных Егіпта, Грэцыі і Кітая.
З элементаў герба звяртае на сябе ўвагу чырвоная зорка. Пяціканцовая зорка – сімвал чалавека і чалавецтва, знак мужнасці і высокіх памкненняў. У гэтай якасці чырвоная зорка выкарыстроўвалася ў часы існавання вялікай дзяржавы – СССР. Герб абвіты чырвона-зялёнай стужкай, на якой знізу чытаем надпіс залацістага колеру – “Рэспубліка Беларусь”.
Такім чынам, герб нашай краіны раскрывае сябе як яркая і запамінальная кніга пра беларускі народ.
У гербе адлюстраваны асноўныя нацыянальныя, духоўныя каштоўнасці беларусаў: грамадзянскае адзінства, праца, імкненне да ўдасканалення сваёй асобы і ўсяго грамадства, міралюбства і адначасова гатоўнасць пастаяць за сваю свабоду і незалежнасць.
Герб Рэспублікі Беларусь сімвалізуе дзяржаўную волю народа і выкарыстоўваецца ўсімі дзяржаўнымі органамі краіны.
|